ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ
Да 5 лютага Лятучы ўніверсітэт прымае заяўкі на навучанне

На пачатку 2018 года Лятучы ўніверсітэт прапануе 8 адкрытых курсаў, якія закранаюць сучасныя праблемы сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця, звязаныя з імклівым тэхналагічным і інавацыйным развіццём.

Інавацыі настойліва і «не запытваючы ў нас», змяняюць асяродак, ў якім мы жывем і дзейнічаем. З аднаго боку, яны ставяць новыя задачы і кідаюць выклікі ў самых розных сферах – права, ідэнтычнасць чалавека, сацыяльная справядлівасць, занятасць, чалавечыя адносіны і г.д. З іншага боку, кожная інавацыя мае наступствы, якія вельмі рэдка становяцца прадметам клопату, карыстальнікаў і  саміх інаватараў. У выніку, мы апынаемся непадрыхтаванымі да зменаў як бліжэйшай і ў аддаленай будучыні.

Як можна падрыхтавацца да непрадказальных зменаў? Найперш, развіваць здольнасць разумець і аналізаваць тое, што адбываецца, каб потым разумна дзейнічаць. Іншая падрыхтоўка – гуманітарная – самавызначэнне, камунікацыя і ўзаемадзеянне з Іншым, разуменне тэкстаў і мастацкіх выказванняў. Прапанаваныя курсы – спроба разам з беларускімі мыслярамі і адмыслоўцамі рухацца да аналізу сучасных працэсаў.

Галоўная ўвага будзе сканцэнтравана на асваенні розных метадаў, моваў і падыходаў, праз якія мы можам працаваць з новымі з’явамі ў грамадстве. Гэта – мова мастацтва, камунікатыўныя і герменеўтычныя практыкі, метады вылучэння праблемаў і падыходы да іх вырашэння. Гэта – новыя  сацыяльныя, эканамічныя і філасофскія тэорыі, што даюць інструменты аналізу і дзеянняў.

  • Заяўкі прымаюцца да 5 лютага.
  • Каб запісацца, трэба перайсці па спасылцы на абраны курс.
  • Заняткі будуць праходзіць па вечарох у працоўныя дні.
  • Усе заняткі бясплатныя.
  • Па дадатковых пытаннях можна звяртацца па адрасе: flyuniby@gmail.com