ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ
У пошуках густу

Прапанова курса для платформы

shindler

Выкладчыца: Эліна Шындлер,

спецыяліст у галіне прадметнага, канцэптуальнага і  інтэр’ернага дызайна, дырэктар архітэктурнай студыі  «Фармат МК»

Курс накіраваны на фармаваньне эстэтычнага густу сучаснага беларуса праз сістэму сацыякультурных каштоўнасьцяў традыцыйнага сьвяточна-абрадавага каляндара.

Эстэтычны густ – здольнасьць чалавека да распазнаваньня, разуменьня і ацэньваньня эстэтычных зьяваў ва ўсіх сфэрах жыцьця і мастацтва. У сваім курсе я прапаную шукаць асновапалеглыя крытэры ацэньваньня прыгажосьці і фармаваньня эстэтычнага густу ў беларускім традыцыйным сьвяточным каляндары, які праз рытуальна-абрадавыя комплексы перадае прынцыпы традыцыйнага ладу жыцьця – ад нараджэньня чалавека, сімволікі жытла, праз ушанаваньне продкаў і працяг роду да ўспрыманьня сьмерці. На мой погляд, менавіта пераасэнсаваная народная, а не шляхецкая культура павінна стаць крыніцай сучаснай эстэтыкі.

Восемь сьвятаў  – чатыры зь якіх былі прымеркаваныя да фазавых становішчаў сонца, а яшчэ чатыры супадалі са зьменай пораў года –і сталі той структурнай асновай, якая парадкавала жыцьцё чалавека на працягу многіх стагодзьдзяў. Народны каляндар хавае шмат таямніц, спасьцігнуць якія можна будзе толькі тады, калі імі зоймуцца ня толькі фалькларысты, але і гісторыкі, археолагі, псіхолагі, астраномы, лінгвісты, матэматыкі, дызайнеры.

Праз асноўныя прынцыпы рытуальна-абрадавых комплексаў можна наблізіцца да разуменьня мысьленьня продкаў: паляпшэньне сямейнага дабрабыту, культ продкаў, прынцып падобнае выклікае падобнае, прынцып прадвызначальнага пачатку, шанаваньне прыроды і інш.

 1. Паняцьце эстэтычнага густу
2. “Традыцыйны сьвяточны каляндар” як эстэтычная зьява.
3. Форма і зьмест галоўных абрадавых комплексаў: Каляды, Вялікдзень.
4. Форма і зьмест галоўных абрадавых комплексаў: Купальле, Багач
5. Форма і зьмест галоўных абрадавых комплексаў: Масьленіца, Сёмуха, Дажынкі, Дзяды
6. Крытэры прыгажосьці ў абрадавых комплексах. Самабытнасьць эстэтыкі.
7. Перанос крытэраў на сучасны лад жыцьця.
8. Канструяваньне эстэтычнага густу сучаснага грамадства на прынцыпах сьвяточнага гадавога кола.

У межах курса я ўяўляю сама і прапаную ўявіць слухачам, якімі мы маглі бы быць, калі б як мінімум разумелі і прымалі прынцыпы сваёй традыцыйнай філасофіі і як максымум жылі паводле згаданых прынцыпоў на працягу года? Якім быў бы наш эстэтычны густ? Задавальненьне якіх патрэбаў было б першасным для грамадства?

Я падзялюся сваім ўласным досьведам жыцьця паводле сьвяточнага календара і распавяду свае ўяўленьні аб тым, якімі мы маглі бы быць і чаго б маглі жадаць? І галоўнае – што б для нас было прыгожа, а што не? І якія прынцыпы, закладзеныя ў сьвятах, маглі б стаць крытэрамі для ацэньваньня эстэтыкі і разьвіцьця эстэтычнага густу?

Курс будзе распрацаваны Архітэктурнай студыяй “Фармат МК”.

 ВЯРНУЦЦА ДА СПІСУ КУРСАЎ і ГАЛАСАВАННЯ