ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ
Уводзіны ў вусную гісторыю

Прапанова курса для платформы

 670BEABA-E688-405E-B967-A9A8BCA23F71_w650_r0_s      ольга     андрусь

Выкладчыкі:

Алесь Смалянчук, доктар гістрычных навук, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, даследчык вуснай гісторыі, гісторыі нацыянальнага руху ХIХ-ХХ ст., антрапалагічнай гісторыі.
Вольга Іванова, кандыдат гістрычных навук, архівазнаўца, даследчык вуснай гісторыі.
Андрусь Мастыка, магістр гістрычных навук, даследчык вуснай гісторыі.

Вусная гісторыя – гэта міждысцыплінарнае даследаванне на мяжы гісторыі, сацыялогіі і антрапалогіі. Адначасна вусная гісторыя – сацыяльна арыентаваная вобласць гісторыі, якая метадалагічна (стварэнне крыніцаў шляхам інтэрв’ю) і канцэптуальна пашырае перспектывы гістарычных ведаў і такім чынам спрыяе разуменню Чалавека ў часе.
Для постсавецкай прасторы гэта перспектыўны накірунак даследаванняў феномена калектыўнай памяці. Таксама oral history – гэта магчымасць выказацца г.зв. “маўклівай большасці гісторыі” (Арон Гурэвіч) і зразумець гістарычны працэс у ягоным “чалавечым вымярэнні”, якое звычайна адрозніваецца ад канцэптуальных падыходаў акадэмічнай навукі.
Падчас інтэрв’ю даследчык сутыкаецца як з індывідуальнай інтэрпрэтацыяй падзеяў, так і з феноменам калектыўнай памяці. Вусная гісторыя акцэнтуе ўвагу на дыялогу гісторыка і крыніцы, абвастрае праблему навуковай верыфікацыі і інтэрпрэтацыі прамоўленых успамінаў. Пры гэтым каштоўнасць вуснай крыніцы заключаецца не столькі ў яе адпаведнасці г. зв. “фактам”, колькі ў адхіленнях ад іх, дзе праяўляецца чалавечая фантазія, боязь, надзея, пажаданні і г. д. Між іншым гэта дазваляе даследчыку падслухаць тое, што вывучаемая супольнасць не здолела альбо не пажадала пра сябе распавесці.
Асаблівасцю курса з’яўляецца выкарыстанне на занятках матэрыялаў, сабраных падчас палявых даследаванняў, у тым ліку экспедыцый 2011 – 2017 гг. Беларускага архіва вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org).

У межах курса будуць разгледжаны наступныя тэмы:

1. Вусная гісторыя ад зараджэнне да сталасці
2. Вусная гісторыя ў Беларусі: праблематыка і даследчыкі
3. Вусны ўспамін як дакумент і крыніца навуковага даследавання
4. Падрыхтоўка даследчага праекта
5. Інтэрв’ю як метад вуснай гісторыі
6. Праблема інтэрпрэтацыі вуснага ўспаміна

У тэарэтычнай частцы курс пазнаёміць студэнтаў з узаемаадносінамі канцэптаў “гісторыя” і “памяць”, з эвалюцыяй трактоўкі вуснай гісторыі ад Пола Томпсана да Алесандра Партэлі, з тэорыяй калектыўнай памяці Морыса Хальбвакса, а таксама з асновамі канцэпцыі культурнай памяці Яна і Алейды Асман.

Выкарыстанне матэрыялаў палявых даследаванняў Беларускага архіва вуснай гісторыі, прысвечаных праблематыцы польска-беларускага памежжа 1921-1939 гг., падзеям Другой сусветнай вайны, пасляваеннаму голаду, калектывізацыі ў Заходняй Беларусі 1948-1952 гг., Чарнобыльскай катастрофе і яе наступствам ды інш. паспрыяе больш глыбокаму веданню і адчуванню гісторыі Беларусі.

У практычнай частцы курс дапаможа авалодаць навыкамі складання апытальніка, правядзення інтэрв’ю, верыфікацыі і інтэрпрэтацыі атрыманай інфармацыі і, такім чынам, самастойнага вырашэння пэўнай даследчай задачы.

Курс будзе распрацаваны Беларускім архівам вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org)

 ВЯРНУЦЦА ДА СПІСУ КУРСАЎ і ГАЛАСАВАННЯ