Інтэрнэт-праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” распачаў працу ў 2011 г. па ініцыятыве навукоўцаў, якія працуюць у галіне вуснай гісторыі, – Ірыны Кашталян і Алеся Смалянчука, а таксама гісторыка-архівіста Вольгі Івановай.
Першая задача, якая вырашаецца ў межах дадзенага праекта – гэта збіральніцкая, ці задача захавання памяці ўдзельнікаў і сведак гістарычных падзей. Збор вусных успамінаў ажыццяўляецца як камандай архіва падчас экспедыцый і асобных выездаў, так і праз уладальнікаў калекцый інтэрв’ю.
Тэматыка калекцый дастаткова шырокая: гісторыя рэпрэсій, штодзённасці, беларускай эміграцыі, прымусовай працы падчас Другой сусветнай вайны, гісторыя асобных беларускіх гарадоў і мястэчак, этнаграфічныя запісы і нават гісторыя мінскіх хіпі.
На канец 2017 г. у архіве знаходзіцца больш за 50 калекцый, якія ахопліваюць каля 1200 інтэрв’ю і больш за 6 тыс. дакументаў. Аб’ем архіва складае каля 4 Тб.
Уся калекцыя, а таксама транскрыпцыі да значнай колькасці ўспамінаў, даступныя карыстальнікам па адрасе nashapamiac.org.
У межах праекта распрацоўваюцца такія малавывучаныя тэмы, як “1939 год у памяці беларусаў”, “Пасляваенны голад у Беларусі”, гісторыя Мінска, Гродна ва ўспамінах іх жыхароў, “Остарбайтары”, “Чарнобыльская катастрофа: 30 год пасля аварыі”, “Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі”, “Гісторыя Мінскага гета” і інш. Праводзяцца трэнінгі для зацікаўленых у галіне вуснай гісторыі, навуковыя круглыя сталы, лекцыі і канферэнцыі з удзелам айчынных і замежных даследчыкаў, конкурсы для школьнікаў і студэнтаў, здымаюцца дакументальныя фільмы.
Успамін утойвае не апісанне падзеі, але яе сэнс. Чалавечы ўспамін вельмі далёкі ад таго...
Алесь Смалянчук, Вольга Іванова, Андрэй Мастыка