“Імператыў ізаляцыі супадае з новым прызнаннем нашай глабальнай узаемазалежнасці ў новым часе і прасторы пандэміі. З аднаго боку, нас просяць спакаваць сябе ў сямейных ячэйках, сумесных жылых памяшканнях ці адасобленых гаспадарках, пазбаўляючы нас сацыяльных кантактаў і пераводзячы ў сферу адноснай ізаляцыі; з іншага боку, мы сутыкаемся з вірусам, які хутка перасякае межы, не звяртаючы ўвагі на саму ідэю нацыянальнай тэрыторыі. Але не ва ўсіх ёсць хатняя гаспадарка ці «сям’я», і ўсё больш людзей у ЗША становяцца бяздомнымі ці маюць часовае жытло. Такім чынам, «хатняя гаспадарка» успрымаецца як прастора бяспекі, але для многіх гэта далёка не так. У ЗША нацыянальная стратэгія фармулюецца, анулюецца і праяўляецца ў блытаных дзяржаўных формах. І пытанне пра тое, хто будзе жыць і хто памрэ, падаецца нашаму прэзідэнту праблемай рэнтабельнасці, якую вырашаюць рынкі. Як у такіх умовах мы можам паставіць пытанне датычна наступстваў гэтай пандэміі ў свеце разважанняў пра роўнасць, глабальную ўзаемазалежнасць і нашы абавязкі адзін перад адным?
Зрэшты, вірус не дыскрымінуе. Можна сказаць, што ён аднолькава ставіцца да кожнага, змяшчае ўсіх нас у роўныя ўмовы адносна рызыкі захварэць, страціць кагосьці блізкага, жыць у свеце непазбежнай пагрозы. Вірус дзейнічае ў глабальных рамках, але як наконт усіх астатніх? Сваімі перамяшчэннямі і спосабамі наносіць удар вірус дэманструе, што глабальная чалавечая супольнасць аднолькава нямоглая ў кожным сваім прадстаўніку. У той жа час, няздольнасць некаторых дзяржаў або рэгіёнаў загадзя падрыхтавацца (ЗША цяпер, мабыць, з’яўляецца самым сумна вядомым членам гэтага клуба), актывізацыя нацыянальнай палітыкі і закрыццё межаў, якое часта суправаджаецца панічнай ксенафобіяй, і з’яўленне прадпрымальнікаў, што імкнуцца нажыцца на сусветным бедстве, – усё гэта сведчыць пра хуткасць, з якой радыкальная няроўнасць, нацыяналізм і капіталістычная эксплуатацыя знаходзяць спосабы самаўзнаўлення і ўмацавання ў зонах пандэмій. Гэта не павінна выклікаць здзіўленне.
…
Адной з прычын, па якіх я прагаласавала за Сандэрса ў Каліфорніі, нароўні з большасцю зарэгістраваных дэмакратаў, сталася аднаўленне ім, разам з Уорэнам, уяўлення пра наш свет як пад уплывам калектыўнай прагі да радыкальнай роўнасці, свет, у якім мы ўз’ядналіся, каб настойваць на аднолькавай даступнасці матэрыялаў, неабходных для жыцця, у тым ліку медыцынскай дапамогі, незалежна ад таго, кім мы ёсць і ці валодаем мы фінансавымі сродкамі. Гэтая палітыка ўсталявала б салідарнасць з іншымі краінамі, якія імкнуцца да ўсеагульнай аховы здароўя, і такім чынам стварыла б транснацыянальную палітыку аховы здароўя, якая імкнецца рэалізаваць ідэалы роўнасці. З’яўляюцца рэзультаты новых апытанняў, якія звужаюць нацыянальны выбар да Трампа і Байдэна менавіта ў той час, калі пандэмія спыняе паўсядзённае жыццё, узмацняючы нядужасць беспрытульных, незастрахаваных і бедных. Ідэя пра тое, што мы зможам стаць людзьмі, якія жадаюць бачыць свет, дзе палітыка аховы здароўя раўнацэнна ставіцца да кожнага жыцця і тым самым дэмантуе рынак сферы аховы здароўя, што выразна падзяляў годных і тых, каго можна лёгка пакінуць хваробам і смерці, пратрымалася нядоўга. Мы прыйшлі да іншага разумення сябе, бо Сандэрс і Уорэн паказалі нам гэтую новую магчымасць. Мы зразумелі, што можам пачаць думаць і цаніць па-за ўмовамі, якія ўсталёўвае для нас капіталізм. Хоць Уорэн ужо не з’яўляецца кандыдатам, і Сандэрс наўрад ці зможа вярнуць свой страчаны шанец, мы ўсё роўна павінны спытаць сябе, асабліва цяпер: чаму мы як народ усё яшчэ супраць таго, каб ставіцца да любога жыцця з раўнацэннай павагай? Чаму некаторых усё яшчэ ўзбуджае думка пра тое, што Трамп намагаецца забяспечыць вакцыну, якая гарантуе бяспеку жыцця амерыканцам (як ён іх вызначае) раней за ўсіх астатніх? Прапанова ўніверсальнай і дзяржаўнай аховы здароўя актывізавала ў ЗША сацыялістычныя чаканні, якія, верагодна, у хуткім часе рэалізуюцца ў выглядзе сацыяльнай палітыкі і публічных абяцанняў у гэтай краіне. На жаль, у часы пандэміі ніхто не мае часу чакаць. Свой ідэал трэба захоўваць жывым у грамадскіх рухах, менш звязаных з прэзідэнцкай кампаніяй, чым доўгатэрміновая барацьба, якая чакае нас наперадзе. Гэтыя смелыя і гуманістычныя бачанні, з якіх пасмяхаюцца і якія не прызнаюць капіталістычныя “рэалісты”, атрымалі дастаткова эфірнага часу і прыцягнулі дастаткова ўвагі, каб усё большая колькасць людзей – некаторыя ўпершыню – пажадалі змяніць свет.
Будзем спадзявацца, што здолеем не даць гэтаму жаданню згаснуць.”
Пераклад Яўгеніі Кіслай