ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ
Творчая фатаграфія ў Беларусі на стыку XX і XXI стагоддзяў: ідэі, падзеі, дзеючыя асобы.

Прапанова курса для платформы

manalog006

Выкладчык: Уладзімір Парфянок,

фотамастак, выкладчык Школы фатаграфіі Мінскага Цэнтра фатаграфіі, кіраўнік праекта “Дыскусійны клуб і адукацыйная праграма BLOWUP” (НЦСМ), экс-кіраўнік галерэі “NOVA”, заснавальнік і рэдактар беларускага фатаграфічнага вэб-альманаха Photoscope.by

Курс будзе прысвечаны аналізу сітуацыі ў беларускай творчай фатаграфіі, якая склалася ў другой палове 1980-х – пачатку 2000-х гг., то бок у часы Перабудовы і атрымання Беларуссью сваёй дзяржаўнай незалежнасці.

Матэрыялы курсу падрабязна раскрыюць панараму падзей у фатаграфічным жыцці тых часоў, прадэманструюць творчыя напрацоўкі і ідэі фотамастакоў з нефармальных суполак, што з’явіліся ў выніку працы вучэбных студыяў пры Народным фотаклубе “Мінск”, якімі кіраваў вядомы беларускі фатограф, фотамастак, рэфарматар традыцыйнай фотаклубнай фатаграфіі Валерый Лабко.

Гэта будзе спроба больш поўна і з першых вуснаў раскрыць феномен “мінскай школы фатаграфіі” праз ідэі, падзеі, творчыя партфоліо асноўных герояў “новай хвалі беларускай фатаграфіі”, якая здолела вывесці творчую фатаграфію Беларусі за регіянальныя межы і ўпісаць яе ў агульнаеўрапейскі і агульнасусветны кантэкст.

Будуць рагледжаны наступныя тэмы:

1. Ад эстэтыкі фотаклубнай фатаграфіі да свабоднага фатаграфічнага мыслення. Плён вучэбных студый пад кіраўніцтвам Валерыя Лабко пры фотаклубе “Мінск” (сярэдзіна 1980-х).
2. Фотасуполка як альтэрнатыва фотаклубу. Новыя формы актыўнасці маладых аўтараў фатаграфіі напрыканцы 1980-х. Фотаасацыяцыя “Правінцыя”. Фота-рок асацыяцыя “Белорусский климат”. Суполкі “МЕТА”, “Париж”, “Камера хранения”, “Панорама” і інш.
3. “Мінская школа фатаграфіі”. Тэрмін, які вызначае геаграфічную прывязку або метальныя асаблівасці? Фатаграфія з Беларусі праз оптыку замежных куратараў, калекцыянераў і музейных спецыялістаў.
4. Ад калектыўнай фатаграфічнай актыўнасці да персанальных творчых кар’ераў. Творчасць Ігара Саўчанкі, Галіны Маскалёвай, Уладзіміра Шахлевіча, Сяргея Кажамякіна, Уладзіміра Парфянка, Івана Пятровіча, Аляксандра Угляніцы, Вадзіма Качана і іншых.
5. Беларуская фатаграфія і спробы яе інстытуцыялізацыі. Утварэнне першага Саюза фотамастакоў Беларусі (пачатак 1990-х). Стварэнне і актыўнасць першай фатаграфічнай галерэі NOVA (другая палова 1990-х). Утварэнне БГА “Фотамастацтва” (пачатак 2000-х).
6. Дыгітальная рэвалюцыя ў фатаграфіі і інтэрнет як верагодныя фактары далейшага размывання традыцый “мінскай школы фатаграфіі”. Канфлікты фатаграфічных пакаленняў (“правінцыялы” супраць фотаклубаўскіх “дыназаўраў” – 1980-ыя, “цэхавікі-прэсавікі” супраць “артыстаў-правінцыялаў” – 2000-ыя).

На сёняшні дзень існуе некалькі друкаваных крыніц інфармацыі пра “мінскую школу фатаграфіі” (альбом “Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х” з калекцыі “Партызана”, каталог выставы РОСФОТО у Санкт-Пецярбурзе “Минская школа фотографии”, сборнік артыкулаў “Творческая фотография в Беларуси. Опыт галереи NOVA…”). На вялікі жаль, ні адно з гэтых выданняў не дасяжныя ў электронным выгляде, а колькасць друкаваных выданняў вельмі абмежаваная. Акрамя таго, кожнае з гэтых выданняў па-свойму вызначае як сам феномен “мінскай школы фатаграфіі”, так і тое кола дзеючых асобаў, што зрабілі пэўны ўнёсак у фармаванне ландшафту сучаснай беларускай фатаграфіі.

Студэнты он-лайн курсу – праз асэнсаванне большай колькасці фактаў, імёнаў і творчых работ фотамастакоў – будуць мець магчымасць атрымаць панарамную карціну беларускай творчай фатаграфіі на стыку стагоддзяў, даць больш дакладнае вызначэнне тэрміну “мінская школа фатаграфіі”, у рэшце рэшт пазнаёміцца з творчасцю цэлай плеяды фотамастакоў і фатагруповак, чые імёны і назвы сёння не вельмі часта ўзгадваюцца, калі гаворка ідзе пра фатаграфію тых часоў.