ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ
Гід «Міхал Анемпадыстаў. Інтэлектуальная спадчына»

Міхал Анемпадыстаў – дызайнер, паэт, графік, публіцыст, выбітны дзеяч беларускай культуры.

Найбольш вядомы яго твор – “Народны альбом” – з’яўляецца часткай сучаснага культурнага кода Беларусі. Створанныя вобразы вобразы і вершы ўжо сталіся знакавымі маркерамі беларускай прасторы.

Інтэлектуальная творчасць і даследчая праца Міхала Анемпадыстава меньш вядомая для шырокай публікі.  Тым часам яна стварае асобны свет вобразаў і думак, якія адштурхоўваюцца ад дотыкаў, пачуццяў, пахаў, колераў і звяртаюцца да падставовых ідэяў.

Гід “Міхал Анемпадыстаў. Інтэлектуальная спадчына” прапануе паглыбіцца ў прастору развагаў і пошуку адказаў на актуальныя пытанні сучаснасці. Аўтар стварае свой вобраз беларускай культуры праз зварот да гісторыі, ідэнтычнасці, стылю. Складае яго з розных сэнсавых і візуальных кампанентаў, надае каштоўнаснае вымярэнне і канцэптуальнае значэнне, здавалася б, звычайнымі і побытавым рэчам. Глыбокія даследаванні і філасофскія развагі, што знаходзяцца па-за акадэмічнага дыскурсу, закранаюць сутнасныя пытанні і даюць адказы сваёй унікальной мовай.

У гідзе ўпершыню сабраныя асноўныя працы Міхала Анемпадыстава ў рэчышчы даследавання, публіцыстыкі і канцэптуальнай працы.

ЗМЕСТ ГІДА:

Картинки по запросу "галочка символы"" аўтабіяграфія “ЯК Я СТАЎ МІХАЛАМ АНЕМПАДЫСТАВЫМ…”
Картинки по запросу "галочка символы""пра­ект UNDER GROUND
Картинки по запросу "галочка символы"" эсэ Простыя рэчы: КАВАМЕСЦАЗЁЛКІКНАЙПА
Картинки по запросу "галочка символы""адкрытая лекцыя “МЕЖЫ ПАМЕЖЖА”
Картинки по запросу "галочка символы"" адкрытая лекцыя “УЯЎЛЯЮЧЫ БЕЛАРУСЬ”
Картинки по запросу "галочка символы"" інтэрв’ю: “НАМ НЕ ХАПАЕ ЗДАРОВАЙ ШТОДЗЁННАЙ ЛЮБОВІ ДА СВАЙГО” 
Картинки по запросу "галочка символы"" даследаванне “СТЫЛЬ ЯК ФАКТАР ІДЭНТЫЧНАСЦІ”
Картинки по запросу "галочка символы"" кніга “КОЛЕР БЕЛАРУСІ”
Картинки по запросу "галочка символы""выбраныя ВЕРШЫ
Картинки по запросу "галочка символы""“СВОЯ ТЕРРИТОРИЯ”. Монолог
Картинки по запросу "галочка символы"" фільм і інтэр’ю паводле стварэння “НАРОДНАГА АЛЬБОМА”
Картинки по запросу "галочка символы"" Michal Music Live. “ПАМЯЦІ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА”

На платформе таксама прадстаўлены відэакурс “Дэзань! Стыль і ідэнтычнасць


 

ЯК Я СТАЎ МІХАЛАМ АНЕМПАДЫСТАВЫМ

… Памятаю, калі я пачаў маляваць. Тата тады працаваў у праектнай арганізацыі і прыносіў з працы алоўкі, сціркі і абрэзкі ватмана. Ўзяўшы аловак першым разам, я размаляваў сцены. Мне было гады чатыры тады. Я нават памятаю сябе, як малюю. Залез за канапу і на сценцы накрэмзаў. Бацькі паставіліся спакойна, бо мы збіраліся пераязджаць. А калі мы пераехалі, я паўтарыў тое самае ў новай кватэры. Залез у кут і пачаў маляваць. Але ў новай хаце бацькі маю насценную творчасць, мягка кажучы, не віталі. Давялося пераходзіць на паперу.

Праз дарогу ад майго дома была школа нумар 64. На той час адна з лепшых у горадзе. Я быў туды прыпісаны, туды і пайшоў у 1971-м, без блату, без нічога. Гэта была школа “з ангельскім ухілам“. У школе я навучыўся чытаць. Ніхто мяне да школы не вучыў. Кніжак было вышэкрышы. А чытаць, дык не надта і хацелася. Ну а як дзеці пачынаюць чытаць? З нейкай незвычайнай кніжкі. Калі трапляецца тая, якую так хочацца чытаць, што пачынаеш вучыцца. Для наймаладзейшых пакаленняў гэта быў Гары Потэр. Гадоў 15 таму, мае знаёмыя маладыя бацькі з захапленнем распавядалі, што здарыўся нейкі цуд, што дзеці зноў пачынаюць чытаць, самі (!) і іх не адарваць.

Фота Андрэя Шчукіна

Фота Андрэя Шчукіна

І ў мяне была свая такая кніжка. Вы, відаць, нават не чулі пра такога пісьменніка, Альфрэда Шклярскага… А ў нашай школе гэта был суперхіт. Ёсць у яго “Прыгоды Томка”, сем ці восем кніжак. “Томэк у краіне кенгуру”, “Томэк на чорным кантыненце” і гд. Галоўны герой, Томэк – сын польскага патрыёта, які хаваецца ад царскіх уладаў за мяжой і займаецца лоўляй дзікіх жывёлаў для нейкага надта гуманнага заапарка. Сам Томэк – падлетак, вучыцца ў Варшаве ў расейскай (бо іншых не было) школе. З патрыятычных памкненняў ён расейскую мову як след не вучыць, у яго двойкі і канфлікт з настаўнікамі, але нарэшце, калі мальцу спаўняецца 16, бацька забірае яго да сябе. Яны разам падарожнічаюць з кантынента на кантынент, ловяць жывелаў.

…. У нашай сям’і размаўлялі па-расейску. У мяне ж бацькі не мастакі і не пісьменнікі. І не ў вёсцы мы жылі. У школе тое самае. У нас у кожным класе было шмат дзяцей вайскоўцаў, яны не вучылі беларускую мову, і я ім зайздросціў. Бахарэвіч пісаў пра сваю настаўніцу мовы, што яе звалі Жабай. Я спачатку думаў, мы ў адной школе вучыліся. Бо нашу таксама Жабай звалі. Жаба Зялёная. Але не, ён вучыўся ў Шабанах, я на Камароўцы. І ў абедзвюх школах былі Жабы. Гэта ўсё Кандрат Крапіва, думаю. Мы сваю дакладна, пасля чытання Крапівы так назвалі. Да таго ж, яна і сукенку мела балотна-зялёную. Цяпер думаю, а можа нармальная была настаўніца, а мы самі не ў парадку… Пасля школы, у вучэльні, па беларускай у мяне спачатку было паміж двойкай і тройкай. Потым я адкрыў для сябе Караткевіча і на апошнім курсе пераздаў экзамен па беларускай літаратуры на пяць. Для мяне гэта было прынцыпова.

Праект-даследаванне
UNDER GROUND

2011 год. 

… Свет мінае праз нас. Мы не звяртаем увагу на важныя рэчы. Я звяртаю. Мне заўсёды падабалася форма рэдзькі ці бурачка. Мяне цікавіў і захапляў візуальны вобраз. Гарманічныя зааморфныя формы, стрыманая каларыстыка, мікраэстэтыка фактураў паверхні. Мяне натхняла пэўная таямнічасць гэтых звычайных прадуктаў, калі яны высвечваюцца няяркім святлом у цемры каморы ці склепа, налёт пэўнай архаічнасці, альбо іншае: іхні прамежкавы стан паміж жывой і мёртвай прыродай. І потым, іхняе жыццё пад зямлёй, у кірунку ад сонца, углыбкі — гэта суцэльная метафізіка, прычым нашая, беларуская.

Хачу выказаць думку, што менавіта так званае нізкае, а іншымі словамі, звычайнае і паўсядзённае, выдатна надаецца ў якасці нацыянальных маркераў. Мы пачынаем асэнсавана любіць «сваё», а значыцца пазбаўляцца комплексу непаўнавартасці, які нам так замінае.

Я думаю, што мы маем безліч «нацыянальных маркераў», якія, як кажуць, «пад нагамі» — тое, што навідавоку, але не асэнсаванае.

За 200 год шмат нацыянальнага было альбо знішчана, альбо перакручана… А вось такія рэчы як караняплоды, што былі з намі ўвесь час, — гэта і ёсць нашыя маркеры. Яны вартыя пашаны.

Увесь цыкл эсэ "ПРОСТЫЯ РЭЧЫ"

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава
КАВА

Новы дзень пачынаецца з кавы, а сама кава пачынаецца з паху, і першы пах, які я памятаю ў жыцці, — гэта пах кавы. У нядзелю ранкам мама рабіла каву. Яна варыла яе ў белым эмаліраваным імбрыку. Вада гатавалася там даволі доўга, і трэба было альбо стаяць пільнаваць, альбо даверыцца інтуіцыі. Інтуіцыя часцяком падводзіла, і тады кава брунатным шумам збягала праз край і шыпела на нагрэтай пліце. Бацькі падхопліваліся і беглі на кухню ратаваць тое, што засталося, а пах кавы разносіўся па ўсёй кватэры. Са смакам больш складана. Я не памятаю смак мамінай кавы, памятаю толькі тое, што мне яна смакавала і была рэдкай, салодкай, з малаком. Мажліва, гэта была Арабіка, мажліва гэта быў кававы напой з пражанага ячменю і цыкорыю. Я мог бы запытацца ў мамы цяпер, што гэта было, але не пытаюся. Той смак ужо ніколі не вернеш. У кавы шмат сакрэтаў і гэта адзін з іх.
Наступная мая кава была моцнай, падвойнай, прыгатаванай на спецыяльных апаратах, якія ў Мінску паставілі да Алімпіяды-80. Гэтыя кафетэрыі сталіся месцам сустрэч, знаёмстваў, абмену думкамі — своеасаблівай сацыяльнай сеткай пачатку 80-х. Потым, у мінскіх парадных пад’ездах з’явіліся міні-кавярні. Там гатавалі каву па-турэцку — густую, гарачую, з пенкай. Год пазней завершылася рэканструкцыя Траецкага прадмесця, адкрыліся кавярні і кнайпы ў гістарычным стылі, з беларускімі напоямі, стравамі, назвамі. Тады адбылася рэканструкцыя не толькі гістарычнай забудовы, але і тутэйшай гарадской культурнай традыцыі. У выніку ўтварылася новая культурніцкая прастора, асяроддзе. І, як гэта бывае, асяроддзе пачало ўплываць на паводзіны. У Траецкім беларуская мова загучала натуральна і ўпэўнена…

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава
МЕСЦА

Ствараць новае заўсёды выгадней, амбітней і прасцей, чым асэнсоўваць і захоўваць зробленае папярэднікамі. Разам з тым, жыць прыемней і цікавей у прасторы, пазначанай гістарычнымі маркёрамі: вось у гэтым доме жыла мая мама, у тым, драўляным, праз дарогу, жыла татава стрыечная сястра і яе муж, там жа, за сценкай, жыла сям’я Змітрака Бядулі, а яшчэ раней у гэтым самым доме жыў Максім Багдановіч. А вось гэта — самыя старыя ў Мінску лістоўніцы. Раней у гэтым раёне жылі чыгуначнікі, злодзеі і агароднікі. Вы ведаеце, пра які я раён? Наўрад ці, раёна ўжо няма. Лістоўніцы хутчэй за ўсё спілуюць, а дом цёткі захаваўся, яго толькі перавезлі ў іншае месца. Там, пазбаўлены дрэваў, сярод шматпавярховікаў, ён зусім зніякавеў. Мажліва, гэтыя мясціны цікавыя толькі мне. Тады назавіце свае ўлюбёныя месцы. У кожнага яны ёсць. Давайце паспрабуем прыгадаць тое, што нам, жыхарам, грамадзянам, а не пасажырам, дорага, — кожны сваё. Упэўнены, што ў выніку назбіраецца шмат агульнага. Горад перастаў быць варожай прасторай; пытанне, ці стаў ён для нас сваім…

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава
ЗЁЛКІ

Зёлкі заўсёды прадаваліся на Камароўцы. Яны і цяпер там прадаюцца, у канцы яблычнага раду, праваруч ад галоўнага ўвахода. Зёлкі — эксклюзіўны і таямнічы тавар, і не зусім нават тавар, а нешта значна большае — старажытная веда на мяжы магіі і рацыянальнага. Сушаныя кветкі, ягады, сцябліны, адмытыя ад зямлі карэнні, тоўчаная кара, насенне — усё гэта, звязанае ў пучкі, ссыпанае ў мяшэчкі і слоікі, складзенае па гатунках і памерах, грувасціцца на прылаўках перад сваімі гаспадынямі.

Не шукайце цэннікаў, вы іх не ўбачыце. Таксама вы не ўбачыце ні шыльдачак з назвамі, ні апісання іх дзеяння, ні даведак па радыёметрыі — трэба проста верыць, інакш не дапаможа. Гандляркі зёлкамі не заклікаюць пакупнікоў, не нахвальваюць свой тавар, а моўчкі чакаюць. Выглядае на тое, што іх увогуле не цікавіць гандаль і грошы і што стаяць яны на сваіх заўсёдных месцах з нейкіх іншых, не зразумелых нам прычынаў.

Веда зельнікаў шматузроўневая, як калодзеж з трайным дном. Толькі часткова яна эмпірычная, перадаваная вусна праз пакаленні, а апошнім часам нават спраўджаная навукова. Ніжні яе ўзровень схаваны ў глыбінях калектыўнай рэфлектыўнай памяці, там, дзе яшчэ няма чалавека ўвогуле. Паміж імі інтуіцыя, магія і чарадзейства, для надзейнасці падмацаваныя хрысціянскімі абрадамі, як каталіцкімі, так і праваслаўнымі.

Шмат гадоў таму, на праваслаўнага Яна, я ішоў ад Траецкага прадмесця ў бок плошчы Свабоды. На схіле Верхняга горада, там, дзе цяпер безліч гранітных лесвіц з балясінамі, яшчэ стаяла некалькі камяніц, а ад Нямігі да Кафедральнага сабора падымалася шырокая брукаваная сцежка — рэшткі колішняй Казмадзям’янскай вуліцы. Паабапал сцежкі стаялі бабулькі з кошыкамі, поўнымі пахучых зёлак: святаянніку, багуну, мяты, палыну, чабору…

 

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава
КНАЙПА

Важкі куфаль халоднага піва, смак першага глытка, нетаропкая размова з прыяцелямі. Кнайпа альбо карчма, півярня, проста забягалаўка — гэта тое месца, дзе абменьваюцца навінамі і спрачаюцца, дзе шчыруюць і жартуюць, дзе ўмеюць бавіць час і ведаюць (альбо не) меру.

Тут, а не ў галерэях і філармоніях, праходзіць перадавы край культуры, калі такі край у культуры ёсць. Тут мяжа паміж яшчэ культурай і ўжо не. Тут свае нормы паводзінаў, свой этыкет, свая эстэтыка. Візіт у такую ўстанову (не модную, а самую звычайную) пакажа культуру краіны значна лепш, чым тузін экскурсаводаў.

Ці маем мы сваю адметную традыцыю кнайпаў і «культурных пасядзелак»? З літаратуры на памяць прыходзіць не так і шмат: у Адамчыка ў «Чужой бацькаўшчыне», у Пясэцкага амаль у кожнай кнізе, а самыя яркія эпізоды — у «Трылогіі злодзеяў». Ну, і Джоан Роўлінг у сваім «Гары Потэры» піша пра разборкі Хагрыда і Максім з мясцовым ваўкалакам у мінскім пабе ў памятным 1995-м. Яшчэ славуты віленскі «Зялёны Штраль», але «Штраль» — гэта кавярня, а пра кавярні іншым разам…

Адкрытая лекцыя
МЕЖЫ ПАМЕЖЖА

2014 год. Цыкл адкрытых лекцый Лятучага ўніверсітэта

Адкрытая лекцыя
УЯЎЛЯЮЧЫ БЕЛАРУСЬ

2015 год. Цыкл адкрытых лекцый Лятучага ўніверсітэта

 

… У сённяшняй сітуацыі найбольш рэалістычнай мне падаецца праца на “проста беларускім” культурным полі, а не спроба пераканаць, перайначыць, перацягнуць на свой бок апанентаў. Вось гэтае самае “проста беларускае” поле патрабуе руплівай штодзённай працы. Яго трэба пашыраць і якасна паляпшаць па ўсім ягоным абшары, трэба падвышаць яго прывабнасць і канкурэнтназдольнасць, вызначаць межы і дамінанты. Пры гэтым унутры самой культурнай мадэлі неабходны дыялог і дыскусія, а бяручы пад увагу нашу татальную адсутнасць у СМІ, нам патрэбная звычайная камунікацыя – праз сустрэчы, івэнты, інтэрнэт і друк.

… Любая культура не паўстае з нічога, культура – прадукт селекцыі, то бок назапашвання, адбора і пераемнасці. Тым болей гэта тычыцца культуры нацыянальнай. Выбачайце за банальнасць, але няма нацыі без нацыянальнай культуры. Нацыя ўяўляе сябе не толькі сённяшняй, але і тым, чым была ўчора і пазаўчора. І хаця гэта супярэчыць фактам (як вядома, нацыі пачалі фармавацца толькі ў ХІХ стагоддзі), калектыўнае ўяўленне далучае ў віртуальнае, вобразнае “цела” нацыі ўсіх сваіх продкаў. Нават болей за тое, калектыўнае ўяўленне сягае максімальна глыбока, у так званыя “пракаветныя часы”, дзе і продкі не праглядаюцца, і самога часу яшчэ няма. Ёсць толькі гэтае абсалютна ненавуковае “спрадвек”. Нацыя можа сабе гэта дазволіць. “Спрадвек” – гэта яе неад’емны атрыбут. А паколькі пачатку ў нацыі няма, то няма і канца. Тым самым, наўзамен жыцця пасля смерці ў рэлігійнай канцэпцыі, кожны з нас, чальцоў нацыі, атрымаў адвечны працяг у наступных пакаленнях нашай хай сабе і “уяўленай” супольнасці. Таму на першае месца сярод дамінантаў беларускай культуры, то бок таго, што можа быць адным з канцэптуальных аб’яднаўчых пунктаў, я бы паставіў прынцып “гістарычнай пераемнасці”.   Гэта азначае, што ўсё, што адбывалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а ў шэрагу выпадкаў нават шырэй – тое, што тут думалася і паўставала, – гэта складовая частка беларускай культуры, альбо проста: беларуская культура. Незалежна ад моўнай, этнічнай, канфесійнай прыналежнасці яе творцаў і носьбітаў. З гэтым ёсць згода, ці мы будзем спрачацца?

 

Інтэрв'ю на Радыё Свабода
НАМ НЕ ХАПАЕ ЗДАРОВАЙ ШТОДЗЁННАЙ ЛЮБОВІ ДА СВАЙГО

2012 год.

Даследаванне
СТЫЛЬ ЯК ФАКТАР ІДЭНТЫЧНАСЦІ

… Адраджэнне цікаўнасці да ўласнай культуры – гэта цалкам натуральны, але неаднародны паводле мэтаў і матывацыяў працэс. Неаднародны ён і па спосабах засваення гэтай самай этнакультуры, і па глыбіні “пагружэння”. Гэта таксама цалкам натуральна. Я з аднолькавай павагай стаўлюся да бабулек – носьбітаў жывой традыцыі, навукоўцаў – захавальнікаў і рэтранслятараў ведаў, мастакоў – інтэрпрэтатараў традыцыі, а таксама тых, хто традыцыю ўзнаўляе, ёй жыве і намагаецца наблізіцца да яе Таямніцы.

Мне падабаюцца рэчы, зробленыя рукамі, з выкарыстаннем традыцыйных тэхналогій і матэрыялаў, згодна з традыцыяй. Але і тое, што робіць, напрыклад, Вадзім Пракопчык, мне таксама падабаецца. Для мяне галоўнае, каб у выніку паўставаў якасны прадукт, адпаведны заяўленаму жанру. Ацэньваючы аўтарскую прадукцыю, я звяртаю ўвагу не так на адпаведнасць канону, як на якасць дызайну і логіку інтэрпрэтацыі. Здараецца і так, што пры, здавалася б, “адарванасці“ ад формаў першакрыніцы аўтар патрапляе перадаць яе сутнасны змест.

Іншая рэч, калі прадукт пазіцыянуецца як аўтэнтычны, традыцыйны, нацыянальны. У такім выпадку ён павінен заяўленаму статусу адпавядаць. Тым болей гэта тычыцца тых прадуктаў, якія прапануюцца ў якасці агульнанацыянальных сімвалаў, як, напрыклад, мінулагодняя акцыя з вышыванкамі. Увогуле, публічны творчы акт пад шыльдай “беларускі нацыянальны” ці “беларускі традыцыйны” не можа адбывацца без усведамлення такой адказнасці аўтарамі і, шырэй, усёй супольнасцю.

Важна, каб праекты, накіраваныя на паўстанне новых маркёраў саматоеснасці і ўзмацненне ідэнтычнасці, адначасова не пашыралі яе дэфармаваныя вобразы і сэнсы.

Поспех такіх праектаў (акцый, тэндэнцый) не можа не радаваць, аднак змест і форма, як мне падаецца, патрабуе той самай аўтэнтызацыі. Натуральна, перад паўстаннем праекта, а не пасля яго рэалізацыі. З іншага боку, каб усё было гладка, правільна і бездакорна, калі такое ў прынцыпе мажліва, то не паўстала б дыскусія на цэлы шэраг звязаных міжсобку тэмаў, якія так ці інакш выходзяць на праблему стылю, у дадзеным выпадку стылю традыцыйнага, беларускага, этнічнага, а ў выпадку пазіцыянавання такіх праектаў, як агульнанацыянальных, гаворка павінная весціся ўжо нават не пра стыль, а пра яго канон.

Дазволю выказаць свае суб’ектыўныя меркаванні адносна кожнага пункта:

Арнамент. Калі спрабаваць вылучыць з усяго мноства арнаментальных сістэмаў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў розныя часы і ў розных лакалізацыях, нешта адметнае, характэрнае, устойлівае і дастаткова пластычнае, то я б абраў два варыянты:

  1. Заходнепалескі арнамент у “паскі“, найбольш архаічны арнамент не толькі на Беларусі, але, мабыць, ва ўсёй Еўропе. Яго структура абумоўленая старажытнай тэхналогіяй аднаўточнага ткацтва. Арнамент выдатна пераносіцца на любыя носьбіты, не губляючы пазнавальнасці. Ён традыцыйны і архаічны, але адначасова пазачасавы і касмапалітычны, што дазваляе інтэрпрэтаваць яго ў іншых відах мастацтва. Ён выдатна маштабуецца, нават “перафарбоўваецца“ не губляючы пазнавальнасці, лёгка інтэгруецца ў сучасную інфармацыйную і жылую прастору.
  2. Характэрны амаль для ўсёй Беларусі крыжова-рамбічны геаметрычны арнамент, элементы якога заўсёды павернутыя на 45 градусаў адносна поля набору, а ўсе фігуры ўтвараюцца на аснове спалучэнняў касога крыжа і ромба. Структура абумоўленая тэхналогіяй бранага двухуточнага ткацтва. Таксама старадаўні, таксама адметны і традыцыйны. Болей выразлівы і актыўны, чым папярэдні, выразна чытаецца пры пераводзе ў графічныя знакі, добра маштабуецца. Простая і жорсткая логіка формаўтварэння дазваляе выбудоўваць на аснове знакаў іншыя графічныя сістэмы.
  3. У сваю чаргу, раслінная і зааморфная арнаментыка, а таксама арнаменты, паўсталыя ў тэхналогіі вышывання, з’яўляюцца пазнейшымі пазычаннямі, не маюць выключна беларускай лакалізацыі і таму наўрад ці могуць лічыцца кананічнымі. Яны ўяўляюць безумоўную каштоўнасць з навуковага пункту гледжання, могуць выкарыстоўвацца ў аўтарскіх інтэрпрэтацыях, але прэтэндаваць на “традыцыйнасць” – наўрад ці. Тым болей яны не могуць выкарыстоўвацца ў якасці агульнанацыянальных сімвалаў і маркёраў.

Вышыванка. Слова “вышыванка” няма ні ў слоўніку Насовіча, ні ў слоўніку Байкова і Некрашэвіча. Сама тэхніка вышывання хаця і вядомая ў Беларусі, але не з’яўляецца, адметным элементам традыцыйнага беларускага народнага мастацтва. Ва Украіне – так, гэта традыцыя і адметнасць. У нас – не. Нашая фірмовая тэхніка – ткацтва. Тканае аздабленне святочнай кашулі, так званае “ператыканне”, з тэхналагічных прычынаў не можа быць гэтак жа “багатым“, як аздабленне вышыванае. Звычайна гэта “розныя па шырыні паскі геаметрычнага арнаменту, вытканага чырвонымі баваўнянымі ніткамі”. Пакрой традыцыйных беларускіх кашуляў таксама не спрыяў інтэнсіўнаму дэкараванню спераду, на грудзях, дзеля гэтага найлепей пасавала кашуля рускага тыпу – касаваротка, якая прыйшла на Беларусь пазней, на пачатку ХХ стагоддзя, а асаблівае распаўсюджанне атрымала ўжо за савецкім часам.

У Беларусі ж была распаўсюджаная святочная кашуля з адкладным каўнерыкам, да якога больш пасавала забытая цяпер бандэля (бандана), і камізэлька. У канцы ХІХ стагоддзя гэты тып плечавога мужчынскага адзення (прыкмета колішняй інтэграванасці ў еўрапейскую культурную прастору) быў характэрны для большай часткі цяперашняй Беларусі. Структура гэтага строю не дазваляе рабіць актыўнае дэкараванне на грудзях, робіць яго бессэнсоўным, бо яго не бачна. Дэкараванне, калі яно ёсць, абмяжоўваецца невялікімі акцэнтамі на рукавах і падолам кашулі. Каларыстыка арнаменту стрыманая, цёмна-чырвоная (кармазынавая), часам з дамешкам чорнага. Выбар у якасці нацыянальнага канону вышыванкі ўкраінскага і рускага тыпаў надта спрэчны. Ён аўтаматычна выкрэслівае больш “еўрапейскі” тып традыцыйнага адзення і тып самым робіць цывілізацыйны выбар на карысць усходнеславяншчыны.

Вышымайка. Сістэмная памылка, запушчаная ў маскультуру. Безумоўна, калі гаворка ідзе пра беларускія вышымайкі. Ва ўкраінцаў гэта ўсё ў рамках традыцыі. Мы павінныя прыдумаць нешта сваё. Матэрыялу, фактураў, ідэяў у нас дзеля гэтага мора.

Вышышыны. Гэта мне падабаецца больш за ўсё. Бо крэатыўна, іранічна і ў добрым сэнсе слова абсурдна. Гэтая абсурднасць нейтралізуе штучны сур’ёз вышыванкі і папсовасць вышымайкі. Да таго ж, у адрозненне ад іх, у вышышыны арнамент правільны, крывіцкі.

Выцімайкі. Чарговы крэатыў на тэму. Выцінанка выдатна “кладзецца“ амаль на любы носьбіт, у тым ліку, на майку. Яна графічная, пазнавальная, добра маштабуецца  ад зусім малых памераў да вялікіх. Самі праекты выкананыя ў гэтай тэхніцы (я пра тыя, што былі прэзэнтаваныя на symbal.by) зроблены вельмі прафесійна. І нават назва, магла бы быць, каб іх не было так шмат падобных, утвораных ад небеларускага слова, з небеларускім зместам.

Вышыкрышы. Гэта мой уласны ўнёсак у агульную крэатыўную скарбніцу. Сутнасць яго палягае на тым, што крышы (у сэнсе дахі, але калі ўжо адвольнічаць з матэрыяльнай культурай, то чаму не рабіць тое самае з мовай?) будынкаў фарбуюцца ў выбарачным парадку ў аранжавы (сімвал шчасця) і сіні (бо Беларусь сінявокая) колер. Пафарбаваныя дахі ўтвараюць элементы беларускага арнаменту (напрыклад, сімвал дабрабыту) альбо кароткія словы. Пры жаданні можна выкласці фігуру зубра (сімвал мужнасці), альбо вавёркі (сімвал руплівасці). Іх можна будзе ўбачыць з космасу з дапамогай Google Maps альбо праз ілюмінатар самалёта.

Кніга-даследаванне
КОЛЕР БЕЛАРУСІ

У прыродзе механізм зменаў (праз смерць і нараджэнне) працуе сам па сабе, забяспечваючы ход эвалюцыі. Культура таксама безупынна эвалюцыянуе, яна назапашвае і адбірае лепшае, транслюе прыдатнае, патрэбнае, каштоўнае наступным пакаленням. Гэта несупынная пераемнасць; культура не толькі і не столькі цяперашні стан, але вынік усяго таго, што было раней. Разрыў пераемнасці вядзе да фрагментацыі культуры, страты паасобных складнікаў і сувязяў паміж імі, што азначае яе маргіналізацыю і заняпад, а ў выніку – паглынанне іншай культур- най традыцыяй.

Пераемнасць культуры не азначае, аднак, безупынны паўтор. Пераемнасць – гэта, апроч іншага, памяць пра тое, што было да нас, памнажэнне ведаў і здатнасцяў папярэднікаў. Гэтая кніга не заклікае да вяртання ў сучаснасць колішніх эстэтычных упадабанняў, а спрабуе давесці, што яны заслугоўваюць увагі і пашаны. Нам варта ведаць гісторыю ўласнай культуры хаця б дзеля таго, каб лепей разумець сваё quo vadis. Мажліва, гэтыя веды дапамогуць нам больш крытычна ставіцца да сённяшніх дасягненняў і зразумець, што месцамі мы знаходзімся ў цывілізацыйным заняпадзе, раўнуючы з тым, што было раней, і прымусяць зрабіць захады, каб выправіць сітуацыю.

Да таго ж, гэта менавіта нашае мінулае, што дадае ўпэненасці: так зможам і мы сённяшнія. Штодня мы ствараем не толькі нашу сучаснасць і не толькі закладваем аснову таго, якім будзе нашае заўтра, але адначасова ўяўляем (і тым самым ствараем нанова) уласную мінуўшчыну. Часам гэтыя ўяўленні матэрыялізуюцца. Не заўсёды яны адпавядаюць гістарычнай праўдзе, а нават і логіцы нашых гістарычных стыляў. Часцяком нам навязваюць муляжы і міфы чужой мінуўшчыны. У сваю чаргу, каларыстыка – гэта зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю. Хаця б таму, што колер у розных вымярэннях прысутнічае ва ўсіх сферах чалавечай мыследзейнасці.

Чорны і белы колеры – метафізіка і анталогія, першыя крокі ў спазнанні чалавекам сусвету. Гэта пачатак усяго, калі з нічога з’яўляюцца святло і цемра. Гэта быццё і небыццё, верх і ніз, так і не, плюс і мінус – бінарны прынцып пабудовы любой мовы, ад прымітыўнай да камп‘ютарнай. Чырвоны – гэта тэхналогія. Засваенне чалавекам прасторы вакол сябе і самога сусвету. Сіні і блакітны – культура. Чараўніцтва, магія, мода, мастацтва, творчасць. Залаты – рэлігія. Святло недасяжнага і імкненне да гэтага святла. Шэры і зялёны – наша штодзённае жыццё, зручнасць і якасць асяроддзя, а таксама сувязь з прыродай і ўсведамленне таго, што кожны з нас – яе складовая і неад’емная частка.

На нейкі час, на адзін цудоўны момант.


Міхал Анемпадыстаў. “Колер Беларусі” (2017. Перавыдана 2018).

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай  Міхала Анемпадыстава.

Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць галоўныя беларускія колеры – паходжанне іх назвы, гісторыю распаўсюду на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю і тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў.

Даследуючы колер як феномен культуры і маркер традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.


Кніга атрымала прэміі:

  •  “Залатая літара” за лепшую кнігу 2017-га года.
  • Персанальная намінацыя “Майстрэства” Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі” 2018 – за ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацкі-графічнае выкананне выдання “Колер Беларусі”.
  • Конкурс “Спадчына ў дзеянні” – лепшая творчая праца накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны.
  • Прэмія Бюро МФМ (Месяца фатаграфіі ў Мінску) 2018 – намінацыя “Публікацыя года”

 

Вершы
ГЛЫБОКА ГЛЫБОКА НА ДНЕ ФІЛІЖАНКІ КАВЫ

Альманах МОНОЛОГ
СВОЯ ТЕРРИТОРИЯ

Искусство вообще и литература в частности могут быть какими угодно, они никому ничем не обязаны, и зачем это всё нам нужно, не совсем понятно. Понятно, что оно нам нужно. Это таинство, одно из немногих, присутствующих до сих пор в нашей жизни. Таинство, которому мы верим, и, как дети, не перестаём удивляться. Каждый раз искусство открывает и осваивает новую территорию, или создаёт свою собственную, или отвергает то, что было создано им самим ранее, чтобы через какое-то время стать частью традиции.

Фота Аляксандры Баярынай

Традиции пронизывают нашу жизнь насквозь, на всех уровнях, их присутствие ближе, а предназначение понятнее. В том случае, если ты сам в поле этой традиции. Традиция помогает почувствовать свою причастность к истории, к чему-то большему — к общности региональной, культурной, национальной. Традиция задаёт масштаб Я/МЫ, а также помогает осознать непрерывность истории и нашего места в ней. Традиция не сохраняется сама по себе, она требует бережной и систематической заботы. И как только МЫ (а МЫ — это каждый из нас, но взятые вместе) перестаём её сохранять и поддерживать, — она исчезает. Людям вне традиции традиция не нужна. Скорее, наоборот: она мешает и кажется чем-то подозрительным и опасным.

Вот, например, пилят по всей Беларуси деревья. По-моему, это варварство. Я могу найти с полдюжины аргументов в их защиту, но моя аргументация не срабатывает, она просто не доходит до оппонента. Потому что у другой стороны есть бензопилы и своя аргументация, возможно, более веская: деревья заслоняют свет, а, кроме того, могут упасть и повредить линию электропередач или ещё что-нибудь. К тому же выгодно пилить — работа не пыльная, а деньги быстрые и немалые.

Ян Булгак в своей книге «Край дзiцячых гадоў» среди прочего много пишет о традиционных эстетических ценностях белорусов. Как никто другой Булгак знал, о чём говорил: родом из Новогрудского края, выходец из шляхетской семьи со старыми традициями, теоретик и практик художественной фотографии, он обходил и зафиксировал на негативах практически всю довоенную Западную Беларусь. Про деревья он пишет примерно следующие: из всего растительного многообразия белорус отдаёт предпочтение им. Посаженные прадедами, деревья связывают поколения своим присутствием. Традиционный белорусский дом подчинён масштабу деревьев, составляя с ними один цельный ландшафтный объект.

К этому можно добавить и шляхетскую традицию обустройства парков, и более демократическую традицию закладки садов, и «прысады» — ряды деревьев вдоль дорог, и архаичный дохристианский культ священных дубов. Все эти традиции накладывались, дополняли друг друга, сплетались в одну, пока не наступил момент, когда некому стало её поддерживать. Советская система, враждебно настроенная к проявлениям национальных и региональных традиций, воспитала новое поколение людей, людей без традиций. Деревья перестали быть чем-то ценным. Деревья перестали быть чьими-то, перешли в собственность государства. Они скорее мешают, чем радуют своим присутствием. В результате меняется традиционный пейзаж, исчезают его визуальные константы, и мы сами меняемся вместе с ним, всё более отдаляясь от традиций, теряя чувство культурной общности и исторической сопричастности. Случайные люди на один день в чужом краю…

Супольны праект
НАРОДНЫ АЛЬБОМ

… ўсе песні гэтага «Народнага альбома» аб’яднаныя не музычнай формай ці стылем, а нейкім зместам, амаль што метафізічным. Агульнай тэмай альбома з’яўляецца шок беларускай свядомасці пры пераходзе ад нармалёвага, звычайнага чалавечага жыцця ў Заходняй Беларусі да надзвычай штучнага, шмат у чым незразумелага савецкага ладу жыцця.

«Народны альбом» – гэта спеў беларуса, які асэнсоўвае свой гістарычны лёс, лёс, якога ён не выбірае, але які яму адпушчаны.

«Народны альбом» нібыта падкрэслівае метафізічную еднасьць тутэйшых невызначыўшыхся. Незалежна ад таго, ці хто «сьпева по-польску», ці «поет па-расейску» ці на ідыш.

«Народны альбом» нібыта заклікае нас кінуць дурноту самотнасці і нарэшце зразумець, што ад сапраўднай бяды і нуды мы ўратуемся толькі разам.

Уладзімір Мацкевіч

 


Містычныя супадзенні ў “Народным альбоме” . Гутарка з Міхалам Анемпадыставым


“Народны альбом. Ненаўмысны шэдэўр”Дакументальны фільм.


 

“Народны альбом. 20 гадоў”. Тэлеверсія канцэрта.

Канцэрт
ПАМЯЦІ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА

2018 год.